Герб Мозырьского района
Отдел образования
Мозырского районного исполнительного комитета
enter Войти в кабинетВойти

Государственное учреждение образования

Махновичская средняя школа Мозырского района

Назад
Гісторыя і традыцыі школы

Гісторыя і традыцыі школы

 

Вёска Махнавічы знаходзіцца па дарозе з Мазыра ў Тураў. Тут між лясоў і балот яшчэ ў ХІ – ХІІІ ст. пасяліліся першыя жыхары, а ў сярэдзіне XVII ст. Махнавічы ўпершыню згадваюцца ў гістарычных крыніцах. Напрыклад, вёска была пазначана на геаграфічнай карце Мiнскага ваяводства часоў Рэчы Паспалітай (канец XVII ст.).

 

 

Фрагмент карты Мінскага ваяводства канца XVII ст.

 

 

 

Галоўным заняткам сялян Махнавіч на працягу стагоддзяў былi земляробства і жывёлагадоўля. Некаторы прыбытак прыносіў збор лясных ягад і грыбоў. Аднак востра адчувалася малазямелле. Лепшыя землі, лясныя ўгоддзі ў акрузе належалі меляшкавіцкаму, рамязоўскаму і буйнавіцкаму памешчыкам, якія валодалі амаль 60 тысячамі дзесяцін зямлі. Паколькі Махнавічы знаходзіліся на дзяржаўнай дарозе, што звязвала Мазыр з многімі заходнімі валасцямі і гарадамі Тураў, Давыд-Гарадок і Пінск, сяляне абавязаны былі выдзяляць коней для праезду чыноўнікаў і быць іх праваднікамі і ахоўнікамі.

 

Зразумела, што школы ў Махнавічах на той час не было, бо спецыфіка школьнай адукацыі тых часоў не прадугледжвала ліквідацыю непісьменнасці сярод сялян. Для самых адукаваных верхам “вучонасці” было ўменне ставіць свой подпіс.

 

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Махнавічы апынуліся у складзе Расійскай імперыі. Напрыклад, у 1834 г. вёскай валодаў памешчык Рудзеўскі. Сяляне часта скардзіліся ў розныя ўстановы на цяжар паншчыны. Паводле перапісу насельніцтва расійскай імперыі 1897 г. у Махнавічах дзейнічалі хлебазапасны магазін, карчма. Акрамя земляробства жыхары займаліся бандарным промыслам.

 

У другой палове ХІХ ст., пасля адмены прыгоннага права, тут пачалі развівацца лясныя промыслы. Нарыхтоўвалася будаўнічая драўніна і клёпка, лучына і бяроста для смалакурных заводаў, вырабляліся дзёгаць і паташ. Паводле перапісу насельніцтва расійскай імперыі 1897 г. у Махнавічах дзейнічалі хлебазапасны магазін, карчма. Акрамя земляробства жыхары займаліся бандарным промыслам. У 1880 г. побач з Махнавічамі для вывазкі лесу на рачную прыстань Балажэвічы была пабудавана вузкакалейная чыгунка, цяглавай сілай якой былі коні. Сляды гэтай «конкі» захаваліся да сённяшняга часу.

 

 

Так выглядала конная вузкакалейная чыгунка

 

 

 

На падрабязнай ваеннай карце 1935 г. можна бачыць гэту конную чыгунку з пазнакай “Разрушенная жел. дорога”. Яна пачыналася недалёка ад в.Падлядзічы і ішла строга на поўнач праз хутары Краснае, Зялёны Мох, Крушнікі аж да прыстані на Прыпяці недалёка ад Балажэвіч і Скрыгалава. Таксама на карце можна ўбачыць россып хутароў ля в.Махнавічы, пазначаны мост, вытворчасць цэглы, царкву і школу.

 

Фрагмент савецкай ваеннай карты 1935 г.

 

 

 

Вядома, што ў такі перыяд росту нельга было абыйсціся без адукаваных людзей. Дзякуючы школьнай рэформе па ўсёй краіне пачынаюць адкрываць школы. Першая школа ў Махнавічах пачала дзейнічаць ў 1885 г. Яна размяшчалася ў прыватным доме. Навучанне вёў Дзмітрый Канопліч. Ён скончыў Народнае вучылішча і атрымліваў за сваю працу 20 рублёў у месяц. Вучыліся ў школе толькі хлопчыкі, іх налічвалася ўсяго 19 чалавек.

 

Будынак першай школы

 

 

 

У 1904 г. адкрылася народнае вучылішча, у якім вучылася каля 20 хлопчыкаў і некалькі дзяўчынак. У 1905 годзе ўзведзены ўласны будынак вучылішча. Першым настаўнікам працаваў Іван Шурупіч, праз 5 гадоў яго замяніў Павел Рухло.

 

Далей звесткі пра Махнавіцкую школу знаходзім у “Картах асобных валасцей Мазырскага павету Мінскай губерні з нанесенымі на іх школьнымі пунктамі на падставе выпрацаванай інспектарам народных вучылішчаў школьнай сеткі павету”, складзеных ў 1908 г. Чарціў карты Б.Любіцкі. Па карце Мялешкавіцкай воласці можна прасачыць, што акрамя Махнавіч, школы былі яшчэ ў Мялешкавічах, Раманаўцы, Рэмязах, Васькаўцы і Антонаўцы. Таксама звярніце ўвагу на маштаб карты: на англійскі дзюйм – 3 вярсты. Справа ў тым, што Расійская імперыя ў 1908 г. яшчэ не перайшла на метрычную сістэму вымярэнняў.

 

Фрагмент карты 1908 г. Мялешкавіцкая воласць

 

 

 

На працягу 1917 – 1920 гг. адбывалася рассяленне вяскоўцаў на хутары. Больш чым 150 сялянскіх сем’яў рассяліліся сярод лясоў і балот. Так з’явіліся хутары Нічыпараўшчына, Казлы, Палетак, Хацемля, Калодніца, Рубезкі, Слінцы, Гарохаўка, Кірылаўка, Верхулессе, Гарадзец, Ягаднае, Анісімаўка, Навусце, Гарохава, Халява, Гай, Вуські, Брод, Рэчыца, Забалоцце, Гліннае, Цёмныя Грады, Загрузкае Балота, Горнае, Падкружэнне, Слепча. У саміх Махнавічах засталося толькі каля 30 двароў, дзейнічалі праваслаўная царква і карчма пры дарозе. Жылі тут і восем сем’яў яўрэяў, якія трымалі свае лаўкі і кузні.

 

Па розных прычынах у 1918 – 1921 гг. адукацыйны працэс на тэрыторыі Мазырскага павету і ў вёсцы Махнавічы быў спынены ці дужа нестабільны. Сярод гэтых прычын і Першая сустветная, і Грамадзянская войны, і нападзенні розных бандаў, і нават савецка-польская вайна, калі Мазырскі павет на некаторы час нават апынуўся ў складзе Польшчы. Многія жыхары Махнавічаў і хутароў удзельнічалі ў барацьбе супраць кайзераўскіх, польскіх і розных іншых захопнікаў. Вёска неаднаразова станавілася арэнай баявых дзеянняў часцей Чырвонай Арміі і партызан супраць польскіх захопнікаў. У дні польскай акупацыі (сакавік – чэрвень 1920 г.) жыхары вёскі, як і ўсяго Палесся, уключыліся ў партызанскую барацьбу. Больш за 50 чалавек ваявалі ў лясным войску.

 

Увосень 1920 г. пры царкве адчыняецца царкоўна-прыходская школа, у якой настаўнікам быў І.Дарашэвіч. У школе зноў вучыліся толькі хлопчыкі. Але працавала школа не дужа стабільна, што і не дзіўна, памятаючы пра адносіны савецкай улады да царквы ў той перыяд. Царкоўная маёмасць, зямля і гаспадарчыя будынкі адбіраліся на карысць дзяржавы, пра што захавалася шмат дакументальных сведчанняў у Мазырскім занальным дзяржаўным архіве. Напрыклад, людзі, звязаныя з царквой хаця б ускосна, пазбаўляліся савецкага грамадзянства і не мелі права галасаваць і быць выбранымі. Вашай увазе скарга аднаго з такіх людзей у Мялешкавіцкую валасную выбарчую камісію.

 

 

 

Фрагмент скаргі жыхара сяла Махнавічы Сельвіча Фёдара Самсонавічы

 

 

 

У пратаколе аднаго з паседжанняў Махнавіцкага сельскага Савета ў 1924 г. падкрэсліваецца, што “на тэрыторыі сельсавета няма добра абсталяваных школ. Людзі жывуць на хутарах. Хадзіць у школу далёка, таму ў школе навучаецца так мала дзяцей”. Колькасць падручнікаў ад патрэбных складала тады толькі 30%. Прынялі рэзалюцыю аб тым, што “неабходна было тэрмінова будаваць хату-чытальню”.

 

У 1920-х гадах у БССР актыўна вялася палітыка ліквідацыі непісьменнасці. Настаўнікі не толькі давалі ўрокі ў школе, але і хадзілі па хатах і вучылі за грошы.

 

У Мазырскім занальным дзяржаўным архіве захаваўся пратакол паседжання камісіі па ліквідацыі непісьменнасці сярод прызыўнікоў ад 4 студзеня 1924 г., дзе апроч іншага ёсць інфармацыя аб дадатковай аплаце працы “настаўніцкага персаналу”, якая складала 8 рублёў на месяц. Па афіцыйных дадзеных на 8 рублёў у 1924 г. можна было набыць 32 кг рыбы, альбо 23 дзясяткі яек, 80 кг мукі, 20 – 23 кг мяса.

 

 

Фрагмент пратакола паседжання камісіі па ліквідацыі непісьменнасці ў Мазырскім павеце

 

 

 

Палітыка ўсеагульнай ліквідацыі непісьменнасці дала свае вынікі. БССР першая ў СССР увяла ўсеагульнае абавязковае навучанне (сямігодку). Гэта стварыла ўмовы для поўнага выканання праграмы Камуністычнай партыі аб увядзенні абавязковага політэхнічнага навучання да 17 гадоў. З краіны да рэвалюцыі непісьменнай (толькі 30% насельніцтва) БССР да Вялікай Айчыннай вайны стала краінай суцэльнай пісьменнасці (97% насельніцтва ва ўзросце да 50 гадоў).

 

Нягледзячы на захады улады, настаўнікаў не хапала. Яшчэ ў 1920 г. былі арганізаваныя кароткатэрміновыя чатырохмесячныя настаўніцкія курсы для настаўнікаў беларускіх школ. Асобам, якія прайшлі такую падрыхтоўку, дзяржава апроч заробку давала кватэру.

 

 

Ліст народнага камісарыяту асветы

 

 

 

Яшчэ адна падзея, якая амаль спыніла дзейнасць школ у БССР – гэта вялікая Айчынная вайна. Колькасць школьнікаў па зразумелых прычынах за чатыры гады значна зменшылася. Пра гэта нам яскрава гаворыць наступная табліца.

 

 

Школы

1941

1945

1980

Махнавіцкая

150

32

187

Забалацкая

60

27

70

Падлядзіцкая

51

15

-

Дзярбінская

63

30

10

Зялёна-Мошская

48

20

-

Заводна-Востраўская

60

60

-

 

Даваенную колькасць вучняў у нашай школе ўдалося аднавіць толькі да пачатку 1950-х г. У 1952 г., напрыклад, ў Махнавіцкай школе навучаліся 164 вучні.

 

 

Урачыстая лінейка

 

 

 

З 1966 да 1994 года Махнавіцкую сярэднюю школу скончылі 612 чалавек.

 

Першы клас. 1963 г.

 

 

 

Традыцыйна, многія вучні станавіліся і настаўнікамі школы. Гэта такія настаўнікі, як Губар Наталля Аляксееўна, Котчанка Віталій Іванавіч, Пігулеўскі Віктар Уладзіміравіч, Цімошчанка Міхаіл Аляксеявіч, Шаставец Жанна Аляксандраўна, Шаставец Людміла Пятроўна, Шаставец Аляксандр Пятровіч.

 

 

У 1967 г. Махнавіцкая школа стала сярэдняй. А цяперашні будынак школы быў узведзены ў 1990 г.

У школе створаны ўсе ўмовы для атрымання адукацыі і развіцця творчых здольнасцей дзяцей. Маецца 17 вучэбных кабінетаў, спартыўная і актавая залы, вучэбныя майстэрні, бібліятэка, пакой дзіцячых і моладзевых аб’яднанняў, кабінет карэкцыйна-педагагічнай службы.